Сялянская сядзіба, будаўніцтва
У нашай экспазцыі прадстаўлена схема сялянскай сядзібы канца XIX-га – першай паловы XX-га ст, паводле малюнкаў архітэктара, мастака і краязнаўцы з Вілейкі Анатоля Капцюга. За ўзор ен узяў сядзібу свайго дзеда Грышкі, што меў свой хутар паміж Бараўцамі і Урэччам. На малюнку есць усе асноўныя пабудовы: хата, камора, клець, паветка, пуня, хлявы для буйной і дробнай жывелы.
Сядзіба будавалася талакой – дапамагала ўся радня і ўся веска. Асноўным будаўнічым матэрыялам было дрэва. На выставе вы можаце ўбачыць прылады для яго апрацоўкі: пілу, сякеру, цясло, скоблю, драку і іншыя інструменты. Страха накрывалася саломай.
Земляробства, гаспадарка
Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў сабой універсальную гаспадарку, якая цалкам забяспечвала свае патрэбы: вырошчвала збожжа, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты, апрацоўвала лен, футра, скуры. Вельмі цяжкай працай было земляробства. Здабываючы хлеб, селянін разлічваў толькі на свае сілы і дапамогу хатняй жывелы. У нашай экспазіцыі прадстаўлены прылады працы земляроба: саха, драўляная барана, серп, цэп, вілы, каса і іншыя.
Можна ўбачыць збрую для каня: хамут, падсядзёлак, дугу, падкову. Гэтыя прылады працы даюць магчымасць прасачыць цяжкі шлях атрымання хлеба – ад ворыва да бохана хлеба на стале.