Гісторыя для нас – гэта не гісторыя ўлады,
а найперш гісторыя сям’і.
Гістарычная памяць,без якой не можа быць паўнавартаснага народа, пачынаецца з натуральнага імкнення чалавека пазнаць самога сябе, з жадання даведацца, хто і адкуль ён. Існуе паданне, што ў нашых продкаў крывічоў быў такі звычай. Калі юнак дасягаў паўналецця, каб звацца мужчынам, ён мусіў выканаць чатыры выпрабаванні – пераплысці паўнаводную раку, упаляваць зубра ці мядзведзя, раскласці ў дождж вогнішча і назваць сваіх продкаў да пятага калена. Чалавеку, які не ведаў сваіх продкаў, не давяралі, лічылі здольным да здрады, маглі нават прагнаць з абшчыны.
Магнаты і заможная шляхта складалі радаводы па мужчынскай лініі, каб паказаць ці даказаць старажытнасць свайго роду і пахваліцца перад суседзямі высокімі пасадамі продкаў. Просты люд сваіх продкаў запісваў на бярвёнах сцяны “чырвонага кута” хаты. Сёння нас цікавіць не толькі мужчынская лінія, па якой перадавалася прозвішча, а і прадстаўнікі па жаночай лініі. Як кажуць навукоўцы, большасць нашых талентаў і здольнасцей часцей перадаецца праз жанчын, і ад гэтага нам нікуды не дзецца. У нашым музеі размешчаны прыклад з радаводу Ходзькаў.
Напэўна, усе мы складалі ў школе сваё маленькае генеалагічнае дрэва – сёстры і браты, мама і тата, дзядулі і бабулі…з імёнаў па бацьку – прадзеды. І кожны з нас марыў больш даведацца пра свой радавод, адшукаць свае карані, зразумець – хто мы ёсць.
Пазнавальны занятак “Мой род. Мая сям’я”, які праводзіць кіраўнік музея, выклікае вялікую цікавасць у вучняў першых класаў. З захапленнем дзеляцца яны сваімі сямейнымі гісторыямі і традыцыямі, з гонарам паказваюць сямейныя фотаальбомы. Разам з педагогам і пры дапамозе бацькоў школьнікі даведваюцца аб паходжанні сайго прозвішча, аб тым, кім былі іх продкі, якую мелі адукацыю і прафесіі, дзе яны пахаваны.
Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей з’яўляецца адным з асноўных накірункаў работы музея. Адраджэнне, папулярызацыя і захаванне сямейных каштоўнасцей, шанаванне памяці сваіх продкаў – першачарговая задача музейных мерапрыемстваў. Вельмі важна пастарацца прывіць нашым дзецям любоў і павагу да сваіх продкаў. Калі кожны будзе больш ведаць пра мінулае сваёй сям’і, не будуць губляцца сувязі паміж пакаленнямі, не страціцца наша гістарычная памяць, не будзе сыходзіць у нябыт наша гісторыя.