Таямніцы сялянскай хаты

Зойдзем у беларускую хату… З сенцаў   павее прыемнай прахалодай, пахам хлеба і паранай бульбы. У невялічкай   хаце светла ад пабеленай печы і сцен.

Хатні інтэр’ер, убранства хаты сведчылі не толькі пра матэрыяльны, але і пра духоўны лад, пра настрой гаспадароў.

Значную частку плошчы сялянскай хаты займала печ - сімвал цяпла і ўтульнасці.У ёй  гатавалі ежу, на печы грэліся і спалі, сушылі адзенне і абутак.       Да печы адносіліся як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасці” грубыя  і непрыстойныя словы. Зразумела, печ ужо не мае той сакральнасці, як у даўніну, але яе роля як сімвала дамашняга ачага захоўваецца ў народным усведамленні і сёння.

З печчу былі звязаныя міфічныя істоты, што сяліліся ў хаце.Так, паводле паданняў, пад печчу ці на печы жыў дамавік – дух-заступнік сям’і.

У кутку знаходзіўся качарэжнік – месца, дзе  стаяў пячны інвентар. Тут былі качарга, вілы, чапяла і абавязкова драўляная хлебная лапата.

 

У нашай музейнай хаце каля печы таксама размяшчаецца  калыска. У ёй знаходзілася дзіця ў першы год пасля нараджэння. Падчас вырабу калыскі прытрымліваліся строгага правіла: яе павінен быў зрабіць нехта з мужчын сям'і: бацька, дзед або родны дзядзька дзіцяці.

У традыцыях усходніх славян было прынята ўпрыгожваць калыску роспісам, інкрустацыяй, разьбой. У калыску клалі рэчыбярэгі.

Супраць печы, каля ўваходу, размяшчаецца “бабін кут”, дзе каля дзвярэй стаіць кадушка для вады і карамысла, на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, карцы і іншыя прылады жаночай гаспадаркі.На сцяне вісіць кухонная паліца з посудам.

Найбольш шаноўнае месца у хаце – гэта покуць.  Лічылася, што покуць – гэта частка храма ў хаце. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі, пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў i траў. Восенню тут ставіўся самы першы сноп. 

З покуццю звязваліся ўсе асноўныя падзеі ў жыцці чалавека ад нараджэння да пахавання.Перад хрышчэннем кума, паводле традыцыі, клала немаўлятка – і менавіта хлопчыка, а не дзяўчынку – у чырвоны кут, на “гаспадарскае” месца. На покуці ж знаходзіў чалавек і апошні прытулак у хаце: тут, пад абразамі, ставілі труну з нябожчыкам.        

Дыяганаль “чырвоны кут – пячны кут”былі ў хаце тымі пунктамі, вакол якіх арганізоўвалася жыццё, яны з’яўляліся рытуальнымі цэнтрамі жыццядзейнасці сям’і. 

Ажыўляюць нашу музейную хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў.  Тут ёсць калекцыя глінянага посуду: гарлачыкі, збаны, глякі, гаршкі-спарышы.       Можна  ўбачыць драўляныя лыжкі, маслабойкі, начоўкі, саламяны кош з накрыўкай для захоўвання каўбас і кумпякоў, для сушкі тварожных сыроў і іншых мэтаў.

Дапаўняе экспазіцыю  зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары і бяросты. 

      

Поделиться в: