З бабулінага куфра

Адкрываем бабулін куфэрак…Колькі тут прыгожых рэчаў, створаных з любоўю сваімі рукамі! Тканыя посцілкі і ручнікі, кашулі і фартухі, сурвэткі і навалачкі, белыя абрусы, аздобленыя вышыўкай і карункамі…

Народная прымаўка сцвярджае, што “гумно плача без гаспадара, а хата без гаспадыні”. Кожная вясковая дзяўчына да 15 гадоў павінна была навучыцца ткаць і вышываць, сама рыхтавала сабе пасаг. Працавітыя дзяўчыны значна хутчэй знаходзілі жаніха, чым “няўмекі” і “няздольніцы”. Захоўвалі сялянкі сваё багацце ў куфрах, якія абавязкова былі у беларускім сялянскім інтэр’еры. Куфар не мог змясціць усё адзенне, таму ў яго складалі толькі самае лепшае. Кожная гаспадыня вельмі ганарылася сваім куфрам. З ім маладая дзяўчына выходзіла замуж. Некаторыя куфры захаваліся і да нашага часу, прыкладам таму наш музейны.

Ткацтва

Адным з самых старажытных промыслаў беларусаў было ткацтва.

На працягу стагоддзяў яно перадавалася з пакалення ў пакаленне. Сыравінай для ткацтва быў лён або авечая воўна. У нашай музейнай хаце знаходзяцца некаторыя прылады ткацтва: калаўрот, прасніца, шчотка,сукала, верацяно,матавіла, пранік, чаўнок. І канешне, гонар нашага музея – гэта кросны.

 

У музеі можна пазнаёміцца  з  прыспасабленнямі для разгладжвання вырабаў з тканіны: валікам і качалкай, калекцыяй жалезных прасаў.

Ручнікі

Ручнік –гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты. З асаблівай панаўтой праявілася майстэрства і мастацкі густ ткачых і вышывальшчыц пры аздабленні ручнікоў  карункамі. Уражвае тое, што ўсе карункі, якія ёсць у  музеі, непаўторныя па сваім арнаменце. Колькі ж трэба было мець фантазіі і выдумкі, каб стварыць такую прыгажосць!

Ручнікі  не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах і святах, асабліва сямейна-родавай накіраванасці: пры нараджэнні дзіцяці, на вяселлі і ў час пахавання.

Вілейскі строй

У экспазіцыі нашага музея  прадстаўлена рэканструкцыя вілейскага жаночага строю 2-ой паловы XIX – 1-ай паловы XX стагоддзя. У жаночы гарнітур уваходзяць блузка, спадніца, фартух і гарсэт. Гарсэт на Вілейшчыне шыўся з цёмна-сіняга аксаміту на падшэўцы з баваўнянай тканіны. Ён быў адразны па лініі таліі, спераду шчыльна падагнаны да фігуры і аздоблены ўнізе дэталямі-пялёсткамі.

У нашай экспазіцыі прадстаўлена блузка жыхаркі вёскі Каловічы Каркоцкай Валянціны Іванаўны, у якой яна брала шлюб у 1961 годзе.

 

Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Вочы разбягаюцца ад  прыгажосці вырабаў, створаных сваімі рукамі. Такіх рэчаў у краме не купіш: у іх жыццё, натхненне, душа таленавітых народных творцаў!